Катастрофа знішчыла цэлыя сем’і. «Больш няма каму плакаць», — кажа мэр аднаго з гарадкоў.

Праз чатыры дні пасля разбуральнай паводкі ў Гімалаях становіцца зразумелым маштаб катастрофы: толькі ў Непале да раніцы 29 жніўня колькасць загінулых вырасла да 626 чалавек. Паводле звестак ведамства абароны ад катастроф, 2426 чалавек па-ранейшаму лічацца зніклымі без вестак. Кітай на гэты момант паведаміў пра сем загінулых і 554 зніклых без вестак у Тыбеце.
Рэпарцёры Bild Аксель Льер і Крысціян Шпрайц прыбылі на месца катастрофы і пагутарылі з мясцовымі жыхарамі.
Бізнэсовец Рышы П’якурэл у вёсцы Геркху ў раёне Бідур лічыцца своеасаблівым мэрам. Ужо некалькі дзён ён амаль бесперапынна тэлефануе ў паліцыю і спрабуе знайсці зніклых без вестак па сігналах іх мабільных тэлефонаў.
Сярод зніклых — яго родная сястра, яе муж, іх сын і яго жонка.
Яны жылі ў Трышулі-Базары — адным з населеных пунктаў, якія найбольш моцна пацярпелі ад паводкі.
«Я страціў больш за 140 суседзяў у сваёй вёсцы», — кажа бізнэсовец.
Загінулі сотні людзей
Паводле слоў П’якурэла, катастрофа знішчыла цэлыя сем’і. «Больш няма каму плакаць»,— кажа мужчына. Пакуль ён чакае навін пра сваіх родных, кожны дзень прыносіць новыя звесткі пра наступствы катастрофы. На беразе ракі Трышулі да гэтага часу ляжаць целы: «Паўсюль смярдзіць раскладаннем».
Папярэджанні пра раптоўную паводку былі, расказвае П’якурэл: «Пра раптоўную паводку папярэджвалі, але многія людзі спачатку збіралі рэчы і забіралі свае каштоўнасці, а потым іх знесла [вадой] на смерць».
Іншыя проста недаацанілі небяспеку: «Некаторыя рабілі сэлфі, калі вада падымалася».
У некаторых месцах узровень вады падняўся на 20—30 метраў над рэчышчам ракі: «Яна знесла ўсё і ўсіх».
Сем’і ўцякаюць у горы
Пакуль у далінах працягваюцца пошукі зніклых без вестак, расце страх паўтарэння катастрофы. Улады папярэджваюць пра новыя раптоўныя паводкі — возера Субрубісі на кітайскім баку пагражае выйсці з берагоў.
Многія сем’і пакідаюць свае дамы і шукаюць сховішча ў гарах. На ўзбочынах дарог і ў лясах над далінамі сядзяць людзі і чакаюць, як будзе развівацца сітуацыя. Сярод іх таксама ветэрынар Раджчардан Рэй, які разам з жонкай і трохгадовай дачкой уцёк у горы на мапедзе.
«Сёння пасля папярэджання мы адразу ж з’ехалі», — кажа Рэй. «З сабой у нас толькі коўдра і невялікі заплечнік. Мы не ведаем, дзе будзем начаваць».
Асабліва яго непакоіць харчаванне дачкі: «Не стае ежы, пітной вады. Тут мы не атрымліваем ніякай дапамогі. Наша дачка павінна есці, але ў нас нічога няма — як і ва ўсіх астатніх».
Моцныя дажджы ўскладняюць палёты ратавальнікаў. Калі надвор’е дазваляе, вайскоўцы выкарыстоўваюць верталёты, каб эвакуяваць параненых і тых, хто выжыў, з пацярпелых раёнаў. Паводле слоў людзей на месцы, целы загінулых пакуль яшчэ не вымаюць.
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары