У Данецку падарвалі аўтамабіль намесніка начальніка Аленаўскай калоніі, дзе катавалі ўкраінскіх палонных
У акупаваным Расіяй Данецку ўзарвалі аўтамабіль Дзмітрыя Няелава — першага намесніка начальніка Аленаўскай калоніі, якога ва Украіне лічаць датычным да катаванняў украінскіх ваеннапалонных, паведамляе «Украінская праўда».

Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах, выбух адбыўся ў ноч на 29 жніўня. Папярэдне паведамляецца, што пад аўтамабіль заклалі выбуховае прыстасаванне. Пра стан Няелава пакуль нічога невядома.
У 2023 годзе журналісты Kyiv Independent у дакументальным фільме «Куратары зла» ідэнтыфікавалі Неелава як аднаго з людзей, якія маглі быць датычныя да катаванняў украінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы.
У снежні 2024 года ў Данецку таксама ўзарвалі аўтамабіль былога начальніка Аленаўскай калоніі Сяргея Еўсюкова. Ён, мяркуючы па ўсім, загінуў.
Украінскія праваахоўнікі завочна паведамілі Еўсюкову і Неелаву пра падазрэнне ў жорсткім абыходжанні з ваеннапалоннымі, спалучаным з наўмысным забойствам, учыненым групай асобаў па папярэдняй змове. У ліпені 2026 года санкцыі супраць іх увёў і Еўрапейскі саюз.
29 ліпеня 2022 года расійскі бок заяўляў, што ўкраінскія вайскоўцы нібыта абстралялі калонію ў Аленаўцы, дзе ўтрымліваліся ўкраінскія ваеннапалонныя, з рэактыўных сістэм HIMARS. Аднак праз год ААН адхіліла гэтую версію. Паводле экспертаў арганізацыі, нават адна ракета HIMARS выклікала б значна больш сур'ёзныя разбурэнні.
Украінская разведка сцвярджала, што выбух у калоніі арганізавалі найміты ПВК «Вагнер» па загадзе яе кіраўніцтва. Паводле звестак ААН, у выніку трагедыі загінулі 53 украінскія ваеннапалонныя, яшчэ ад 75 да 130 чалавек былі параненыя.
Украінская пракуратура распачала расследаванне гэтай справы. Пазней Украіне перадалі целы 62 загінулых вайскоўцаў, сярод якіх былі і ахвяры трагедыі ў Аленаўцы.
Каментары