Вашынгтон упершыню за некалькі тыдняў нанёс удары па Іране. Тэгеран у адказ атакаваў базы ЗША ў Іарданіі
Уноч на панядзелак Іран нанёс ракетны ўдар па амерыканскіх базах у Іарданіі, паведамілі іранскія СМІ са спасылкай на Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Там удакладнілі, што гэта атака стала адказам Тэгерана на амерыканскія ўдары па востраве Ларак. Амерыканскія вайскоўцы ў нядзелю нанеслі ўдары па іранскіх пускавых устаноўках на іранскім востраве Ларак, пацвердзіў прадстаўнік ЗША. Гэта першыя амерыканскія ўдары па Іране з канца ліпеня, піша ВВС.

У ноч на панядзелак іранскія СМІ апублікавалі заяву КВІР, у якой гаварылася, што ў адказ на напад на востраў Ларак Тэгеран нанёс ракетны ўдар па амерыканскіх базах «Кароль Хусейн» і «Аль-Азрак» у Іарданіі.
КВІР заявіў, што цэліўся ў «тэхнічную інфраструктуру і пазіцыі знішчальнікаў праціўніка» і нанёс «сур'ёзную шкоду».
Іарданія пацвердзіла, што перахапіла ракеты ў сваёй паветранай прасторы.
«Сістэмы супрацьпаветранай абароны перахапілі восем ракет, якія сёння, у панядзелак, на світанку ўварваліся ў паветраную прастору Каралеўства», — паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «Петра» са спасылкай на заяву ўзброеных сіл Іарданіі.
За некалькі гадзін да гэтага прадстаўнік Цэнтральнага камандавання ЗША Цім Хокінс, тлумачачы ўдары ЗША па Іране, заявіў, што амерыканскія вайскоўцы заўважылі, што «сілы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі рыхтаваліся запусціць ракеты з марскімі мінамі ў Армузскі праліў».
У КВІР паведамілі, што ў выніку атакі некалькі чалавек загінулі і атрымалі раненні, і паабяцалі «адказныя меры і пакаранне».
Гэта першы вядомы ўдар ЗША па Іране з тых часоў, як кіраўнік Белага дома Дональд Трамп у канцы ліпеня прыпыніў ваенную аперацыю супраць Тэгерана. Вашынгтон заяўляў, што ў пачатку гэтага месяца завяршыў працы па размінаванні асноўнай суднаходнай трасы ў праліве.
Праз некалькі гадзін пасля іранскіх удараў Трамп апублікаваў у сацсетцы Truth Social відэаролікі, відавочна створаныя з дапамогай ШІ, на якіх бачна, як выбухае нафтавая інфраструктура.
Адзін з іх суправаджаўся подпісам «Востраў Харк разнесены ў трэскі!!!», маючы на ўвазе буйны нафтавы тэрмінал каля ўзбярэжжа Ірана, які Трамп пагражаў захапіць. У посце ў сацсетцы кіраўнік Белага дома не прывёў дадатковых падрабязнасцей.
Востраў Ларак размешчаны недалёка ад узбярэжжа, у непасрэднай блізкасці ад ключавога порта Бандар-Абас, і знаходзіцца ў Армузскім праліве — жыццёва важным марскім шляху для сусветнага суднаходства.
Цяпер Іран прымушае танкеры праходзіць міма гэтага вострава для праверкі і, па некаторых паведамленнях, вымушае судны плаціць 2 млн даляраў за праход.
Прадстаўнік КВІР Хасейн Махебі назваў атаку «стратэгічнай і фатальнай памылкай рэжыму Трампа» і заявіў, што «праціўнік заплаціць за гэты пралік як у эканамічнай, так і ў ваеннай сферы».
Іранскае інфармацыйнае агенцтва Tasnim, звязанае з КВІР, раней паведаміла, што напад быў учынены з дапамогай беспілотнікаў. Паводле паведамленняў, у выніку загінулі два чалавекі, яшчэ двое атрымалі раненні.
На мінулым тыдні Трамп заявіў, што ўсе міны, устаноўленыя Іранам у Армузскім праліве ў межах спроб блакаваць гэты маршрут, былі знішчаны. Ён адзначыў, што Іран папярэдзілі: любое судна або катар, якія ўсталёўваюць новыя міны, будуць знішчаны.
Намеснік міністра замежных спраў Ірана Казем Гарыбабадзі назваў заяву Трампа «прапагандысцкім» абманам.
Іран сутыкаецца з новым эканамічным ціскам пасля таго, як 24 жніўня Вашынгтон абвясціў пра новы пакет санкцый, накіраваны на далейшую ізаляцыю Тэгерана і пашырэнне другасных санкцый у дачыненні да яго саюзнікаў.
Іранскія афіцыйныя асобы і дзяржаўныя СМІ ў асноўным расцанілі гэтую кампанію як працяг ранейшых эканамічных мер ЗША, якія рушылі следам, як яны сцвярджаюць, за ваеннай няўдачай Вашынгтона ў канфлікце.
28 лютага ЗША і Ізраіль нанеслі ўдары па Іране, на што Тэгеран адказаў атакамі на Ізраіль, амерыканскія базы і саюзныя дзяржавы ў Персідскім заліве, а таксама фактычна перакрыў Армузскі праліў для марскога суднаходства. Вайна з Іранам доўжыцца ўжо больш за шэсць месяцаў.
Да пачатку вайны тут праходзіла каля 20% сусветнай нафты і звадкаванага прыроднага газу, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі.
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары