У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць
Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША і Адміністрацыя па кантролі за прадуктамі і лекамі расследуюць успышку ў краіне цыкласпарозу. Паводле апошніх даных, з гэтай успышкай звязаныя ўжо 11 458 выпадкаў захворвання. Не менш за 495 чалавек былі шпіталізаваныя. Зафіксаваныя два смяротныя выпадкі, абодва ў штаце Мічыган, піша The Washington Post.

Многія хворыя расказвалі, што харчаваліся ў рэстаранах Taco Bell. Прыкладна 90% апытаных пацыентаў ужывалі салату айсберг.
Расследаванне прывяло спецыялістаў да аднаго з пастаўшчыкоў — мексіканскай кампаніі Taylor Farms de Mexico, якая пастаўляла салату з цэнтральнай часткі Мексікі. Кампанія яшчэ 17 ліпеня адклікала адпаведную прадукцыю з амерыканскага рынку, а Taco Bell спыніла яе выкарыстанне.
Адкліканне таксама закранула некаторыя ўпакоўкі салаты і нарэзанага айсберга маркі Marketside, якія прадаваліся ў сетцы Walmart, а таксама прадукцыю, што пастаўлялася ў рэстараны і іншыя ўстановы грамадскага харчавання ў розных штатах.

Пры гэтым першапачатковы лабараторны тэст, які паказаў наяўнасць паразіта, пасля паўторнай праверкі прызналі памылковым. Сувязь салаты з успышкай вызначылі на падставе эпідэміялагічных даных і адсочвання ланцужка паставак. Даследаванне ўзораў працягваецца.
Паміж ужываннем заражанага прадукту, з'яўленнем сімптомаў, зваротам да ўрача і правядзеннем аналізаў можа прайсці да шасці тыдняў. Акрамя таго, рэальная колькасць выпадкаў, верагодна, большая, бо частка людзей пераносіць хваробу без медыцынскай дапамогі і адпаведнага тэставання.
У цэлым па ЗША зафіксавалі 17 180 выпадкаў цыкласпарозу, набытага ўнутры краіны. У гэтую лічбу ўваходзяць не толькі выпадкі, звязаныя з салатай. Гэта амаль у 15 разоў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, калі было зарэгістравана 1180 выпадкаў.
Пры гэтым крыніцы заражэння ў некалькіх іншых успышках цыкласпарозу пакуль не выяўленыя.
Цыкласпароз выклікае мікраскапічны паразіт Cyclospora cayetanensis, які трапляе ў арганізм праз забруджаную ежу або ваду. Звычайна прыкладна праз тыдзень з'яўляюцца вадкі панос, болі і ўздуцце жывата, млоснасць, страта апетыту, зніжэнне вагі і стомленасць. Без лячэння сімптомы могуць захоўвацца некалькі тыдняў, знікаць, а потым вяртацца. Найбольш цяжка інфекцыя можа працякаць у дзяцей, пажылых людзей і людзей з аслабленым імунітэтам.
У мэтах прафілактыкі спецыялісты раяць старанна прамываць гародніну пад праточнай вадой, выдаляць пашкоджаныя часткі і знешняе лісце, захоўваць нарэзаныя прадукты ў халадзільніку і не дапускаць іх кантакту з сырым мясам. Аднак звычайнае мыццё не гарантуе поўнага выдалення паразіта.
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары