Культура5454

Карціны з беларускай сядзібы Радзівілаў вярнулі, але ў Польшчу

Дзясяткі ўнікальных палотнаў і гістарычных артэфактаў, якія захоўваліся ў маёнтках на тэрыторыі сучаснай Беларусі, вяртаюцца ў Польшчу дзякуючы прыватнаму капіталу польскіх арыстакратаў. Спецыфічныя шляхі вывазу твораў робяць немагчымай афіцыйную дзяржаўную рэстытуцыю, таму выкуп страчаных збораў на аўкцыёнах і ў антыквараў застаецца для нашчадкаў знакамітых родаў адзіным інструментам вяртання ўласнай спадчыны.

Карціна з выявай шлюбу бацькоў Станіслава Вільгельма Радзівіла. На аргане падчас цырымоніі іграў Ферэнц Ліст. Фота: прыватныя матэрыялы / Rzeczpospolita

Як паведамляе польскае выданне Rzeczpospolita, старшыня фонду «Тры Трубы» Мацей Радзівіл за апошнія дванаццаць месяцаў набыў і перавёз у Польшчу значную колькасць гістарычных аб'ектаў. 

Асаблівую ўвагу сярод іх прыцягваюць некалькі карцін з палаца ў Манькавічах (цяпер частка Століна Брэсцкай вобласці).

Калекцыя з Манькавічаў 

Маёнтак у Манькавічах належаў апошняму давыд-гарадоцкаму ардынату Станіславу Вільгельму Радзівілу. Біяграфія ўласніка была вельмі характэрнай для свайго часу: каб захаваць правы на спадчыну ў Расійскай імперыі, ён быў вымушаны прыняць расійскае грамадзянства. Радзівіл скончыў Ваенную акадэмію ў Берліне, ваяваў у руска-японскую вайну (1905), а ў Першую сусветную служыў у расійскай «Дзікай дывізіі». Пазней ён далучыўся да Войска Польскага як ад'ютант Юзафа Пілсудскага і загінуў у 1920 годзе ў баях з бальшавікамі, за што быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Virtuti Militari.

Палац Радзівілаў у Манькавічах. 1935 г. Фота: Wikimedia Commons

Пасля яго гібелі ўдава Далорэс эвакуявалася ў Парыж, вывезшы з сабой сямейныя рэліквіі з палаца, які пазней быў цалкам знішчаны нямецкімі войскамі падчас Другой сусветнай вайны.

Сярод вернутых манькавіцкіх палотнаў вылучаецца карціна з выявай шлюбу бацькоў Станіслава Вільгельма. Вянчанне адбылося 3 кастрычніка 1857 года ў Жагані ў прысутнасці прадстаўнікоў еўрапейскіх эліт, а на аргане падчас цырымоніі іграў Ферэнц Ліст. Цяпер гэтыя творы мастацтва перададзены ў якасці дэпазіту ў філіял Нацыянальнага музея ў Нябораве.

Парыж — Ланьцут — Аўстрыя — Парыж

Складаныя гістарычныя маршруты характэрныя і для іншых калекцый. На аўкцыёне ў Парыжы фонд выкупіў партрэт Мікалая Патоцкага пэндзля Франсуа Фламенга. Мікалай быў унукам Станіслава Шчаснага Патоцкага і атрымаў у спадчыну велізарнае багацце ў Францыі ад свайго бацькі Мечыслава. Перад смерцю ў 1921 годзе ён адпісаў маёмасць далёкаму сваяку Альфрэду Патоцкаму з Ланьцута. Партрэт доўгі час вісеў у парыжскім палацы на авеню Фрыдланд, які Альфрэд пазней прадаў Канфедэрацыі прамысловасці і гандлю (будынак стаў называцца Гатэль Патоцкі), а саму карціну перавёз у Ланьцут.

У 1944 годзе Альфрэд Патоцкі, ратуючы маёмасць ад наступаючай Чырвонай Арміі, эвакуяваў калекцыю ў Аўстрыю і Ліхтэнштэйн. Як мы пісалі раней, гэта паслядоўная праца: у мінулыя гады польскія фонды ўжо вярталі партрэты з гэтай жа эвакуяванай калекцыі, адшуканыя ў аўстрыйскім замку Гоэнэмс. У 1970‑я гады ўдава Альфрэда прадала частку твораў на аўкцыёне ў Парыжы, дзе партрэт Мікалая выкупіла тая самая Канфедэрацыя. Карціна правісела ў іх штаб-кватэры яшчэ паўстагоддзя, пакуль у 2025 годзе арганізацыя не вырашыла змяніць офіс і не выставіла палатно на таргі, дзе яго ўрэшце і набыў Мацей Радзівіл.

Партрэт Мікалая Патоцкага пэндзля Франсуа Фламенга, які вярнуўся ў замак у Ланьцуце праз 82 гады пасля эвакуацыі. Фота: drouot.com

Баварская скарбонка

Значная частка спадчыны мігравала па Еўропе выключна шляхам дынастычнага ўспадкавання. Парныя партрэты Соф'і і Гераніма Вінцэнта Радзівілаў першапачаткова захоўваліся ў палацы ў Белай (сучасная Бяла-Падляска), затым былі перавезены ў маёнтак Веркі пад Вільняй, а адтуль перайшлі да далёкіх сваякоў з роду Гогенлоэ ў замак Шылінгсфюрст у Баварыі. Мацей Радзівіл здолеў адшукаць і выкупіць гэтыя палотны ў гандляра, які набыў іх у малавядомай антыкварнай краме ў Нідэрландах. Даследчык мяркуе, што выява Соф'і была створана ўжо пасля смерці Гераніма, бо на палатне яна трымае ў руках яго жалобны профільны партрэт.

Партрэт Соф'і, жонкі Гераніма Вінцэнта Радзівіла. Доўгі час палатно знаходзілася ў баварскім замку Шылінгсфюрст. Фота: прэс-матэрыялы / Rzeczpospolita
Партрэт Гераніма Вінцэнта Радзівіла. Фота: прыватныя матэрыялы / Rzeczpospolita

Па словах Мацея Радзівіла, цяперашні ўладальнік замка Шылінгсфюрст у апошнія гады пачаў маштабны распродаж маёмасці. Менавіта ў яго беларускі музейны комплекс «Мірскі замак» нядаўна выкупіў каля трыццаці партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, якія з'яўляліся старымі копіямі з нясвіжскай галерэі.

Сам Мацей Радзівіл праз прамы абмен з сям'ёй Гогенлоэ атрымаў унікальны трунны партрэт канцлера вялікага літоўскага Караля Станіслава Радзівіла пачатку XVIII стагоддзя.

Срэбра з Гатэля Ламбер 

Працэс рэстытуцыі закранае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У Музей Чартарыйскіх у Пулавах перададзены дэпазіт фамільнага срэбра з гербамі ўласнікаў. Вырабы гданьскага майстра Марціна Хольке (XVIII стагоддзе) былі канфіскаваныя расійскімі ўладамі пасля Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гадоў. Трапіўшы ў эміграцыю ў парыжскі Гатэль Ламбер, які стаў цэнтрам польскага палітычнага жыцця, артэфакты змаглі вярнуцца ў Пулавы толькі праз амаль дзвесце гадоў.

Срэбра Чартарыйскіх, адшуканае ў Парыжы і перададзенае ў музей у Пулавах. Фота: прыватныя матэрыялы / Rzeczpospolita

Чаму польскі ўрад не ўдзельнічае ў гэтай рэстытуцыі

Усёй апісанай рэстытуцыйнай дзейнасцю займаюцца выключна прыватныя асобы. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы не аказвае падтрымкі прыватным ініцыятывам з-за жорсткіх юрыдычных абмежаванняў. Дзяржаўнае ведамства афіцыйна не лічыць стратамі тыя прадметы мастацтва, якія былі вывезеныя з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да аднаўлення незалежнасці ў 1918 годзе, паколькі ў часы падзелаў не існавала заканадаўчай базы, якая б рэгулявала вываз гістарычных каштоўнасцей.

Гэтая прававая калізія рэгулярна прыводзіць да прамых канфліктаў паміж прыватнымі калекцыянерамі і ўладамі. Паказальным прыкладам з'яўляецца лёс зніклай у Другую сусветную вайну булавы гетмана Клеменса Браніцкага. Калі прыватны калекцыянер з Познані легальна выкупіў артэфакт у нашчадкаў мінулага ўласніка, пракуратура і чыноўнікі Міністэрства культуры ініцыявалі арышт рэліквіі. Цяпер гістарычная каштоўнасць знаходзіцца ў складскім памяшканні да канчатковага вырашэння судовай спрэчкі аб праве ўласнасці.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары54

  • Litwo, Ojczyzno moja
    24.08.2026
    "беларускай сядзібы Радзівілаў" - больш карэктна было б напісаць на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, як ніжэй.
  • sic
    24.08.2026
    У Польшчы наша супольная гісторыя можа захавацца, на Белай Русі зусім не так, асабліва, калі вярнулася змаганне з "панскім".
  • Бгг
    24.08.2026
    "старшыня фонду «Тры Трубы» Мацей Радзівіл" - предлагаю всем преданным поклонникам и охранителям беларушчыны направить свою энергию в кои-то веки из комментов на благое дело и донести до Матея Радзивила свою экспертизу о том, что он, как и предки его, на самом-то деле беларус (ну или литвин, как хотите), и все эти исторические достояния должны принадлежать Беларуси (ну, или Великой Литве, - как хотите). Оцените потом качество послания, с которым пан Мацей в вам выступит. Атрымаеце новы экспiрыенс. Не трэба вагацца, не той час. Трэба дзейнiчаць.

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?15

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне зноў атакавалі Кіеў — загарэўся шматпавярховік3

У Данецку падарвалі аўтамабіль намесніка начальніка Аленаўскай калоніі, дзе катавалі ўкраінскіх палонных1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі5

У Бабруйску п'яны пенсіянер падабраў ключы і скраў рэчы з камеры захоўвання ў гандлёвым цэнтры2

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?15

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць