Ежа1818

Каву з жалудоў па старадаўнім рэцэпце вараць у Астраўцы

З жалудоў можна прыгатаваць суп, галушкі, аладкі і нават кісель. Самы працазатратны этап — дастаць ядзеркі з кожнага жолуда.

У Астравецкай раённай бібліятэкі ёсць фішка — кава з жалудоў. Гатуюць яе па старадаўнім рэцэпце, які перадала мясцовая жыхарка. Times.by з'ездзіў на Астравеччыну, знайшоў захавальніцу старадаўняга рэцэпта і паспрабаваў жалудовую каву. Яе, дарэчы, не так складана прыгатаваць самастойна. Галоўнае — ведаць, дзе збіраць жалуды і што з імі рабіць далей.

Рэцэпт бібліятэцы перадала Іаланта Валуевіч — краязнаўца, у мінулым сельскі бібліятэкар, ураджэнка Астравецкага раёна. Цяпер жыве пад Мінскам, але перыядычна прыязджае ў родныя мясціны.

Нарадзілася і вырасла яна на хутары каля вёскі Спонды. Адзін з яркіх успамінаў дзяцінства — водар жалудовай кавы, якую варыла мама.

«У 1960— 1970‑я гады вытанчанасцей не было, кава з жалудоў была звыклым напіткам, але я яе вельмі любіла. Мне яна здавалася нечым асаблівым. Памятаю, мама спачатку купляла жалудовую каву. Кардонная скрыначка 200 г каштавала, здаецца, 12 капеек. Напітак атрымліваўся смачным і духмяным. Калі заварвалі на малацэ — смак цудоўны. Ячная кава называлася «Дружба», а гэта — проста жалудовая», — успамінае суразмоўніца.

Потым яна знікла з продажу, юная Іаланта нават засумавала. Але мама дастала рэцэпт, па якім гатавалі каву яе мама і бабуля, і ў сям'і сталі рабіць яе самі.

Дубоў вакол Спондаў было шмат, сыравіны хапала з лішкам. Жалудамі кармілі свіней, з імі гулялі дзеці, а ў верасні іх абавязкова нарыхтоўвалі, каб потым гатаваць смачны напітак.

Недалёка ад дома Іаланты Францаўны ў Спондах расце 200‑гадовы дуб.

«Напэўна, няма ніводнага дарослага дуба, на якім не засталося б шрамаў ад маланкі. Гэтыя дрэвы падчас навальніцы прымаюць удар на сябе, — суразмоўніца паказвае на ствол, дзе відаць меткі. — На маім хутары ўсе дубы былі ў шрамах. Але дуб слаўны не толькі гэтым. У галодныя ваенныя гады з жалудовай мукі пяклі хлеб — ён быў пажыўны, з жалудоў варылі каву, якая давала сілы».

Жалудовая кава дагэтуль застаецца яе любімым напіткам. У верасні яна збірае плады, каб хапіла на ўвесь год.

«Гэта мая фішка. Шкада, што сёння кава з жалудоў — рэдкасць. Я спрабавала знайсці яе на Камароўцы ў Мінску, — чула, што бывае там, але не знайшла. Глядзела на маркетплэйсах — адзінкавыя прапановы ёсць, але трэба ўважліва вывучаць, што там за кава. І каштуе нятанна. Усё ж такі ручная праца», — расказвае Іаланта.

Яна рада, што ў Астравецкай бібліятэцы цяпер гатуюць жалудовую каву. І спадзяецца, што хтосьці ўсё ж зацікавіцца і наладзіць яе вытворчасць, дубоў жа ў Беларусі дастаткова — недарэмна ж на гербе Астраўца можна ўбачыць менавіта гэту расліну, а выявы галін, лісця гэтага дрэва або жалудоў прысутнічаюць на гербах цэлага шэрага беларускіх гарадоў, пасёлкаў і раёнаў.

«Кава з жалудоў не толькі смачная, але і карысная. Яна паляпшае работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, станоўча ўздзейнічае на стан скуры, дзёснаў, дабратворна ўплывае на стрававальную сістэму і мужчынскую сілу. Гэты напітак не змяшчае кафеіну, але захапляцца не трэба — дастаткова трох кубкаў у дзень. Яе можна піць і дзецям», — кажа Іаланта.

Times.by завітаў і ў Астравецкую раённую бібліятэку.

«Іаланта Валуевіч перадала ў бібліятэку сямейны рэцэпт кавы каля 20 гадоў таму. Доўгі час ён проста захоўваўся ў папцы. Пра яго ўспомнілі праз 10 гадоў, калі ў раёне арганізоўвалі свята дуба. Бібліятэкары прапанавалі сваю адметнасць — жалудовую каву, — расказвае бібліёграф Інга Шлыковіч.

Першымі дэгустатарамі сталі астраўчане — і напітак ім спадабаўся. З тых часоў жалудовая кава — абавязковы атрыбут усіх значных падзей у раёне.

А пяць гадоў таму, калі бібліятэка пераехала ў новы прасторны будынак, узнікла ідэя абсталяваць імправізаваную кавярню. У райвыканкаме яе падтрымалі. Так з'явіўся ўтульны куток для сустрэч і дэгустацый.

Калі ў бібліятэку прыязджае арганізаваная група турыстаў і пра візіт бібліятэкараў папярэджваюць загадзя, яны робяць фірменную жалудовую каву.

Ператварэнне жолуда ў духмяны напітак — карпатлівы працэс. Усё пачынаецца ў верасні, калі на дубах паспяваюць жалуды. Да збору падключаюцца ўсе работнікі бібліятэкі. Яны нават знялі пра гэта відэа і размясцілі ў TikTok.

Збіраюць уручную і толькі з галін. Тыя, што ўжо апалі, не бяруць — могуць быць чарвівымі. У спелых жалудоў шапачка павінна лёгка здымацца з плода.

«Дубоў у Астраўцы і раёне шмат, але падыдуць не ўсе. Трэба выбіраць толькі тыя дрэвы, якія растуць у экалагічна чыстых месцах — далей ад дарог і людных месцаў. Мы такія месцы ўжо ведаем. Дапамагаюць работнікі бібліёбуса, які абслугоўвае аддаленыя вёскі», — тлумачыць Інга Шлыковіч.

Сабраныя жалуды прасушваюць у натуральных умовах. А затым пачынаецца самы працазатратны этап — дастаць ядзеркі з кожнага жолуда, як з арэха.

Гэтыя ядзеркі наразаюць на дробныя кавалачкі і крыху сушаць у духоўцы. Потым — абсмажваюць на сухой патэльні, пільна сочачы, каб не падгарэлі.

І нарэшце, памол. Хтосьці выкарыстоўвае ступку, як у даўніну. Але кавалачкі вельмі цвёрдыя, давядзецца прыкласці нямала намаганняў, таму лепш перамалоць у кавамолцы. Атрыманы парашок (падобны на звычайную молатую каву) — гатовая аснова для прыгатавання напітку.

Зрэшты, можна і не малоць: калі кавалачкі дастаткова дробныя, іх заварваюць цалкам.

Па старадаўнім рэцэпце, які захоўваецца ў бібліятэцы, каву заварвалі ў печах — у гліняных гаршчочках або чыгунах. Залівалі халоднай вадой, ставілі ў печ і праз некалькі гадзін даставалі гатовы напітак.

«У сучасных дамах печы няма, таму насыпаем молатую каву ў тэрмас, заліваем кіпенем і пакідаем мінімум на дзве гадзіны, — дзеліцца з Times.by сакрэтам Інга Шлыковіч. — Толькі так можна раскрыць смак. Мы спрабавалі проста заліць кіпенем, зусім не тое атрымліваецца. І звараная ў турцы — таксама не той смак».

Суразмоўніца прапануе паспрабаваць. Яна адкрывае тэрмас — і паветра напаўняецца мяккім кававым водарам. Напітак масляністы з-за ўтрымання ў жалудах алею. Насычанасць смаку і колеру залежыць ад ступені абсмажвання жалудоў. У бібліятэцы колер парашку і напітку атрымаўся далікатна-арэхавы.

Цукар і вяршкі не дабаўляем, каб рассмакаваць напітак: нам нагадала сумесь ячнага напітку са звычайнай кавай.

«Паводле водгукаў, хтосьці ў каве адчувае шакалад, іншым смак здаецца драўняным, камусьці нагадвае ячны напітак», — расказвае бібліёграф. Сама яна адчувае арэхавы смак.

У бібліятэцы склалі буклет, у які ўключылі не толькі рэцэпт жалудовай кавы, але і спосаб прыгатавання менш насычанага кававага напітку. А яшчэ — рэцэпты жалудовага супу з малаком, галушак жалудовых з салам, здобных аладкаў з жалудовай мукі і нават кісялю з жалудовай кавы.

Спосаб прыгатавання самой мукі — таксама ў буклеце, з паметкай «рэцэпт блакаднага Ленінграда». Яго знайшлі ў інтэрнэце.

Рэцэпты даволі простыя: справіцца нават той, хто рэдка стаіць каля пліты. Засталося толькі дачакацца верасня і сабраць жалуды.

Каментары18

  • Хмм
    21.08.2026
    А из картофельной ботвы кавы нет? По-сути, сырьё того же класса, что и жалуды, - пища для свиней 3й категории. Вяковыя традыцыi - яны такiя.
  • а
    21.08.2026
    [Рэд. выдалена]
  • magpie
    21.08.2026
    І ніякай згадкі што такі гатунак кавы падаецца ў суседняй Літве нават у сеткавых кавярнях (Caffeine) - gilių kava.

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць