Культура3636

«Мастак расійскага паходжання з маленькай вёскі Віцебск». У Рэймскім саборы пра Марка Шагала пішуць нісянеціцу

Інфармацыя, якую паведамляюць пра сусветна вядомага творцу каля яго славутых вітражоў у адным з галоўных каталіцкіх храмаў Францыі, уражвае сваёй непісьменнасцю. 

Вітражы Марка Шагала ў капліцы Рэймскага сабора. Фота: Wikimedia Commons / Van Der Meulen Christofle

Фатаграфію англамоўнага інфармацыйнага стэнда, усталяванага ў саборы Нотр-Дам-дэ-Рэймс, даслалі чытачы «Нашай Нівы». Тэкст на ёй пачынаецца з наступнай фразы: «A French painter of Russian origin, Marc Chagall (1887—1985) was born in a small village in Belorussia called Vitebsk».

У перакладзе гэта азначае: «Французскі мастак рускага паходжання Марк Шагал нарадзіўся ў маленькай вёсцы ў Беларусі пад назвай Віцебск».

Проста жах, як на афіцыйным стэндзе ў адным з галоўных турыстычных і гістарычных аб'ектаў Францыі можна было дапусціць столькі грубых факталагічных памылак у адным невялікім фрагменце тэксту — і гэта ў часы, калі любую інфармацыю можна за хвіліну спраўдзіць у інтэрнэце.

Інфармацыйны стэнд каля вітражоў Марка Шагала ў Рэймскім саборы. Аўтары тэксту называюць Віцебск «маленькай вёскай», а самога мастака надзяляюць «расійскім паходжаннем». Фота: чытачы «Нашай Нівы»

Фармулёўка пра «расійскае паходжанне» (Russian origin) з'яўляецца гістарычна некарэктнай. Марк Шагал паходзіў з беларускіх яўрэяў. У еўрапейскай практыцы яго часта называюць «рускім», «расійскім» выключна па факце нараджэння ў межах тагачаснай Расійскай імперыі. Аднак гістарычна яўрэйскае насельніцтва з’явілася ў Расіі толькі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя. Менавіта тады была ўведзена так званая «мяжа аседласці», якая фіксавала яўрэяў на анексаваных землях Беларусі, Украіны і Літвы, у той час як на спрадвечных рускіх тэрыторыях ім жыць забаранялася.

Акрамя таго, памылкова вызначана і само месца нараджэння. Марк Шагал нарадзіўся не ў Віцебску, як пазначана на стэндзе, а ў мястэчку Лёзна. Дзіцячыя гады ён праводзіў у доме свайго дзеда ў Лёзне, а таксама ў самым Віцебску, які пазней сапраўды стаў цэнтральным вобразам усёй ягонай творчасці.

Развёртка ніжніх частак вітражоў Марка Шагала

Нарэшце, называць Віцебск «маленькай вёскай» (small village) смешна, нават калі гаворка ідзе пра часы Шагала. На момант нараджэння мастака ў 1887 годзе Віцебск быў буйным эканамічным цэнтрам і сталіцай Віцебскай губерні. Паводле даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года, у горадзе пражываў 65 871 чалавек. Для параўнання, насельніцтва самога Рэймса ў Францыі ў канцы XIX стагоддзя складала каля 100 тысяч чалавек. Віцебск быў цалкам супастаўным па маштабах з вялікімі французскімі гарадамі. І ў некаторых сэнсах перадавым у імперыі: напрыклад, тут ужо ў 1898 годзе, на год раней за Маскву, пайшоў электрычны трамвай.

Рэймскі сабор сёння. Фота: Wikimedia Commons / Sebastian Mierzwa

Нарэшце, назва горада транслітараваная не з беларускай мовы — Vitebsk замест Viciebsk. Але аўтары не справіліся нават з назвай краіны! У англамоўным тэксце яна называецца не Belarus — а гэта афіцыйная міжнародная норма, а Belorussia. Нават за савецкім часам у міжнародных дакументах (напрыклад, у ААН) краіна пісалася інакш — Byelorussia, а па-французску краіна называецца Biélorussie. Адкуль узялася Belorussia, незразумела. 

Рэймскі сабор, пабудаваны ў XIII стагоддзі, з'яўляецца помнікам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і гістарычным месцам каранацыі французскіх манархаў. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе будынак моцна пацярпеў ад нямецкай артылерыі, у выніку чаго былі знішчаны шматлікія сярэднявечныя вітражы.

Разбураны ў час Першай сусветнай вайны Рэймскі сабор. Канструкцыі з мяхамі з пяском маглі абараніць ад варожага агню толькі самы ніжні ярус, вітражы сабора заставаліся безабароннымі. Фота: Wikimedia Commons
Вітражнае акно-ружа Рэймскага сабора, разбуранае ў час Першай сусветнай вайны. Фота: Wikimedia Commons

У 1971 годзе кіраўніцтва звярнулася да Марка Шагала з прапановай аздобіць вокны цэнтральнай капліцы ў вянцы капліц, які замыкае падоўжаную вось храма.

Праца вялася ў супрацоўніцтве з мясцовымі майстрамі Шарлем Маркам і Брыжыт Сімон, чыя вітражная майстэрня ў Рэймсе вядзе свой радавод з 1640 года. Спецыяльна для Шагала французскія майстры аднавілі сярэднявечныя тэхналогіі XIII стагоддзя, каб стварыць асаблівы сіні колер шкла, які стаў фонам для ўсёй кампазіцыі.

Урачыстае адкрыццё вітражоў адбылося ў 1974 годзе. Кампазіцыя складаецца з трох вялікіх спічастых акон: цэнтральнае прысвечана біблейскім постацям Аўраама і Хрыста, левае — радаводу цароў Іўдзеі, а правае праводзіць паралель паміж біблейскай гісторыяй і гісторыяй французскіх каралёў, якія каранаваліся ў гэтым саборы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары36

  • Żelazny Wilk
    17.07.2026
    Russia — гэта Russia, ці то белая, ці то чорная, ці то чырвоная.
  • Axe
    17.07.2026
    Ці хто паспрабаваў накіраваць зварот, каб тое выправілі?
  • Нісянеціца
    17.07.2026
    Рэдактар словы на хаду выдумвае? У нас ёсць цудоўнае сваё слова - "лухта". Навошта цягнуть украiнскiя калькi?

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?15

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне зноў атакавалі Кіеў — загарэўся шматпавярховік3

У Данецку падарвалі аўтамабіль намесніка начальніка Аленаўскай калоніі, дзе катавалі ўкраінскіх палонных1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі5

У Бабруйску п'яны пенсіянер падабраў ключы і скраў рэчы з камеры захоўвання ў гандлёвым цэнтры2

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?15

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць