Літаратура11

Андрэй Федарэнка напісаў эсэ пра Янку Брыля, але яно больш чым проста пра Брыля ці літаратуру

Янка Брыль — класік, гонар нашай літаратуры, філосаф, гуманіст, інтэлектуал, непераўзыдзены майстар ка­роткай прозы, аўтар незлічонай колькасці выдатных тэкстаў, якія сталі вершамі ў прозе або нагадваюць, паводле трапнага выказвання Анатоля Сідарэвіча, «паэзію япон­скага складу». Разам з тым гэта, бадай, самы загадкавы беларускі пісьменнік, пачынаючы ад яго біяграфіі і канчаючы тым, што ён адзіны вядомы — прынамсі, мне — празаік, да творчасці якога нельга прыкласці звыклую літаратурную мерку. Так пачынае сваё эсэ, апублікаванае ў «Літаратурнай Беларусі», Андрэй Федарэнка. Аднака гаворку ён пераводзіць на базавае, фундаментальнае.

Янка Брыль. 1970‑я гады. Фота: БДАМЛМ

Нельга, напрыклад, сказаць, вось гэта ў яго мацней, а гэта слабей, тут ён піша цікава, а тут сумна. І «віной» таму акурат форма яго твораў — кароткі жанр. 

Добра ацэньваць раман, аповесць, апавяданне. А як ацаніць цыкл кароткіх, адбітых зорачкамі мініяцюр, замалёвак, дзённікавых запісаў? Як падступіцца да асобнага афарызма, думкі, дэталі, назірання, хай сабе яны і па-мастацку ёмкія? Прытым даволі аднастайны ал­гарытм падачы матэрыялу: устаў — па­бачыў — успомніў — запісаў (што нават паслужыла з’яўленню ў пісьменніцкім асяродку бяскрыўднай показакі: а, Брыль! усё піша, як устаў, паглядзеў у акно, хораша ўспомніў, як некалі з Максімам / Танкам / і Валодзем / Калеснікам вымахалі тую лу­гавіну над Нёмнам звонкімі адкляпанымі косамі, а потым уволю, пацешна пілі з трохлітровікаў сырадой).

Апавядальна-гутарковы стыль, запісы ад першай асобы і ў цяперашнім часе, пад­крэсліванне, што ўсё было на самой спра­ве, што гэта голы факт, чыстая праўда… А як ацэньваць чыстую праўду, па якіх крытэрыях?

І яшчэ адзін апазнавальны знак Бры­лёвай прозы — гэта аж залішні аптымізм. Узнёсласць, жыццярадаснасць так і стру­меняць крыніцай, нібы стараючыся на­поўніцу рэалізаваць Купалава: «Трэба даць песень пявучых, бадзёрых!».

— А навошта мне твой смурод? — не зусім карэктна, па-простаму ўпікае Іван Антонавіч кагосьці за вельмі шчырую спо­ведзь. — Давай лепш весялейшае!

І то праўда. З гэтым не паспрачаешся.

Янка Брыль. Фота Анатоля Клешчука

2

Загадка, хто ж такі Янка Брыль, як і што ён піша, узнікла ў самым пачатку яго твор­чай дарогі, па меры сталення расла разам з ім, мацнела, — але і цяпер няма ёй адгадкі, як не было і пры яго жыцці.

К. Сіманаў успамінае, як некалі ў пры­сутнасці Сталіна зайшла размова пра аповесць Брыля «У Забалоцці днее», якую хвалілі і казалі, што яна добрая. Сталін недаверліва распытваў:

— А чаму добрая? Там што, усе сяляне добрыя? Усе калгасы перадавыя? Ніхто ні з кім не спрачаецца? Класавай барацьбы няма? Усё добра, таму і аповесць добрая? Так? А ў мастацкім плане? Як мастацкая рэч гэта таленавітая кніга?

Сам не мог ацаніць. І толькі калі яго пераканалі, што кніга сапраўды напісана па-мастацку, ён згадзіўся з вылучэннем яе на прэмію імя яго самога. Ды што Сталін — наш усімі любімы У. Караткевіч у сваім эсэ пра Я. Брыля «Мой друг і мая зямля», згадаўшы і пахваліўшы аповесць «Ніжнія Байдуны», усё ж не ўтрымаўся:

— Ніякая гэта не аповесць.

Польскі перакладчык «Ніжніх Байдуноў» Ян Гушча таксама называў гэтую рэч у пасляслоўі не аповесцю, а «хутчэй кнігай свабодных гавэндаў» (гутарак).

Канечне, аўтара чапляла гэта. Бо вырва­лася ў адказ ім абодвум:

— Пры ўсёй павазе да маіх беларуса і паляка я тут не задумваюся: напісаў, як на ўсе грудзі выдыхнуў!

І яшчэ неаднойчы даводзілася яму аба­раняцца і апраўдвацца:

— Нехта піша інакш, чым я, чым мне хацелася б. Ну і што?

Або такое, кінутае на адрас Янкі Скры­гана:

— У кожнага з нас свая мелодыя стылю. Чаму ж ты хіліш, каб я спяваў абавязкова так, як ты?

І крыху нават задзірлівае, да ўсіх патэн­цыйных чытачоў звернутае:

— Гавару як хачу, і нікуды вы не дзенеце­ся, будзеце слухаць мяне, плысці са мною, куды я хачу!

Капліца на могілках у Загоры, дзе пахаваныя сваякі Брыля. Фота: Наша Ніва

 3

Янка Брыль яшчэ здаўна, са школы, быў адным з самых маіх любімых бела­рускіх, ды і не толькі беларускіх, пісьмен­нікаў. Спачатку я з захапленнем чытаў «Ліпку і клёнік», «Зялёную школу», паз­ней «Memеnto mori», «Птушкі і гнёзды», «Я з вогненнай вёскі»… Канечне, тады ўсё гэта мне не проста падабалася — я ўвогуле лічыў кожнае надрукаванае слова Святым Пісаннем, а ўсіх гэтых народных і вялікіх Мележаў, Коласаў, Брылёў, Ша­мякіных, Чорных, Быкавых — Апоста­ламі, крытыкаваць якіх святатацтва. І ўжо дакладна не мог я нават уявіць, што аднойчы апынуся ў сітуацыі, калі трэба будзе даваць ацэнку творчасці менавіта Я. Брыля.

Я працаваў ў часопісе «Полымя», толькі што перайшоў у аддзел прозы. З Іванам Антонавічам быў, канечне, знаёмы, але рэдагаваў яго ўпершыню. Ну што значыць рэдагаваў? — проста прачытаў яго не­вялікую, менш за аркуш, чарговую нізку абразкоў-мініяцюр на жнівень (па няпі­санай традыцыі ў кожнага народнага быў свой месяц, калі ім гарантавалася публіка­цыя: у Шамякіна — студзень, у Барадуліна і Навуменкі — люты, у Быкава — чэрвень, у Брыля і Панчанкі — жнівень, у Танка — верасень і г. д.).

Чысты тэкст. Лёгка чытаецца. Усё таленавіта, дасціпна, праўдзіва, мудра. Але разам з тым не пакідала адчуванне, што ўсё ўжо нібыта знаёмае. Як пісаў Талстой пра Вронскага, калі той пачаў раскохваць (слова Я. Брыля) Ганну: «Усё ў ёй падабалася яму, але ўжо столькі разоў падабалася!»

Маё рэдактарства звялося да вы­праўлення пары абдруковак, прапушча­ных і лішніх знакаў прыпынку, таксама, як цяпер помню, падкрэсліў словы ластачка і радзіска і напісаў на палях слоўнікавыя ластаўка і радыс. Але і гэ­тыя заўвагі не хацелася рабіць. Я ўжо ведаў, мякка кажучы, пра скептычнае стаўленне Івана Антонавіча да любой рэдактуры, памятаў яго дасціпны і з’едлівы афарызм:

— Тэлеграфны слуп — гэта добра адрэда­гаваная сасна!

Калі прыйшоў Іван Антонавіч, я паказаў яму гранкі: «Вельмі чыста!» Ён узяў, але глядзець не стаў. Прысеў з краю стала, як самы звычайны аўтар. Працоўны дзень канчаўся. Мы былі адны ў вялікім кабінеце. І раптам вельмі ціха ён спытаў:

— А як вам увогуле? У цэлым?

Я зніякавеў. Гэтае звычайнае ў вуснах любога іншага пісьменніка пытанне стала для мяне поўнай нечаканасцю. Канечне, я ўжо даўно не лічыў пісьмен­нікаў, нават народных, апосталамі, а іх творчасць Святым Пісаннем. І тым не менш аўтарытэт Брыля для мяне быў настолькі высокі, а сам ён, як асоба, на­столькі недатыкальны, што знаходзіўся як бы па-над чалавечымі пачуццямі, нават па той бок дабра і зла, а не тое што літаратурных ацэнак узроўню «падаба­ецца — не падабаецца». Няўжо і ён такі ж, як мы, звычайныя смяротныя? Няўжо і ў яго бывае такая знаёмая кожнаму, хто піша, няўпэўненасць?

Аднак трэба было нешта казаць. І я ска­заў, чамусьці хаваючы вочы:

— Як заўсёды ў вас.

Ён прамаўчаў. Я паспяшаўся дадаць:

— У вас хіба можа быць інакш?

Іван Антонавіч працягваў сядзець і маўчаць. Я нават не зразумеў, чаго ён ча­кае. Прайшла бясконцая хвіліна ўзаемнага маўчання. Нарэшце ён устаў, развітаўся і пайшоў. І як толькі за ім зачыніліся дзверы, да мяне нарэшце дайшло, што я нарабіў. Трэба было сказаць: «Як заўсёды ў вас — выдатна». А другі сказ: «У вас хіба можа быць кепска?» А так, у маім варыянце, атрымлівалася, што няма аб чым гаварыць і няма чаго абмяркоўваць.

Акрамя таго я ўспомніў, як цёпла заўсёды Янка Брыль да мяне ставіўся, як ён хваліў маю аповесць «Вёска», на­зываў еўрапейскім раманам; як, калі я ляжаў у 10‑цы з вачыма, праз жонку перадаваў мне прывітанні, суцяшаў яе, сцвярджаючы, што праблемы з вачыма ў пісьменніка — гэта звычайная з’ява, лічы, прафесійнае захворванне, вартае павагі, і гэтым можна нават ганарыцца, як, напрыклад, Бунін ганарыўся тым, што правае плячо ў яго вышэй за левае ад доўгага пісання

А я не знайшоў для яго некалькі добрых слоў. Неабавязкова хвалебных, тым больш ільсцівых, а проста — нармальных, чала­вечых. Цалкам ім заслужаных, дарэчы. Ці, калі на тое пайшло, хаця б давёў да граматычна-правільнага завяршэння тое, што сказалася.

Так, — пачаў я думаць. Адбылася не­дарэчнасць, выйшла непаразуменне. Пры­крае, але якое можна выправіць. Можа, ска­заў я сабе, не знайшлося патрэбных слоў, бо гэта проста ўрывак, невялікая, вырваная з кантэксту падборка. Трэба прачытаць яе ў кніжцы, дзе сярод іншых абразкоў і мінія­цюр яна стане на сваё месца і будзе зусім па-іншаму ўспрымацца?

І я даў сабе зарок — набыць кнігу, як толькі яна выйдзе, уважліва, з алоўкам пачытаць, калі спатрэбіцца — вывучыць на памяць, але знайсці словы, вусныя, а яшчэ лепш пісьмовыя, і тым самым пастарацца загладзіць віну перад цу­доўным чалавекам і выдатным пісьмен­нікам.

4

Часта варта толькі захацець, а там усё само складзецца. Кніга патрапіла да мяне надзіва хутка, яшчэ да таго, як з’явілася ў кнігарнях. У выдавецтве «Мастацкая літа­ратура» частку ганарару «плацілі» кнігамі, можна было самому выбіраць. І вось сярод іншай класікі — Гарэцкі, Зарэцкі, Колас — я нечакана ўбачыў новенькі зборнік Я. Брыля «З людзьмі і сам-насам». Яго толькі што выдалі ў той жа «Мастацкай літаратуры». Сімпатыны зграбны томік. Малафарматны, як аўтар любіць. Кнігу прыемна было тры­маць у руках. Шчыльная белая папера. Вы­разны якасны друк. Складзена па прынцыпе дзённіка, па гадах — ад 1996‑га да 2003-га. Усярэдзіне ўсё традыцыйна: кароткія, ад­бітыя зорачкамі запісы на адзін — два абза­цы, рэдка на старонку. Была там і падборка, рэдагаваная мной у «Полымі».

Само сабой, я адразу ж ухапіў жаданую кнігу, а дома, не марудзячы, прыступіў да вывучэння яе. Адразу мушу прызнацца, што чытач з мяне, у адрозненне ад таго ж Янкі Брыля, якога М. Стральцоў называў «прафесійным чытачом», зусім не пра­фесійны. Я здаўна прытрымліваюся думкі, што кнігі ўвогуле нельга чытаць, іх можна толькі перачытваць. Таму спачатку, каб даць кнізе час прывыкнуць да сябе, а сабе да яе, я проста знаёмлюся з ёю, пагладжваю па вокладцы, марудна перагортваю старонкі, прабягаю тэкст па дыяганалі, выхопліваю ключавыя словы і сказы, праглядаю то з сярэдзіны да канца, то з канца да сярэдзіны, то «па-японску» — зверху ўніз, спыняюся ў любым месцы, дзе разгарнулася.

Так, бегаючы вачыма і пальцамі па кнізе Я. Брыля, раз-пораз натыкаўся на старыя знаёмыя словы, апісанні і падзеі. Напры­клад, мільгала ўсё так жа часта, як і раней, слова «хораша» ў рускім значэнні «хоро­шо», яшчэ часцей — «пацешна» ў значэнні «забаўна». Каршун замест коршака, кляваў замест дзяўбаў. Знайшлося месца і касьбе:

«…як мы ўтрох, наш Міша, Валодзя і я, да снедання палажылі старому Калесніку добрую лугавіну над Серваччу — зноў пры­гадалася тая раніца, той росны луг, спраўныя косы, маладыя сілы і дружба наша светлая…»

Было ўсё тое ж замілаванне жыццём, прыродай і сабой:

«Заходзіць сонца — цэлы бяздымны пажар, далёка за рэдкімі дрэвамі. Яшчэ ўсё салавей. А ўдзень ляцелі невысока два жоравы, курлыкалі — хоць ты бяжы за імі».

Была тая самая, што і на працягу ўсяго жыцця, асалода ад фізічнага працэсу — запісвання:

«Неяк песенна на душы. Нават запісваць прыемна».

Але вось памалу я перайшоў да звычай­нага храналагічнага — старонка за старон­кай — чытання. Тонкім, на нітачку завостра­ным алоўкам падкрэсліваў, рабіў выпіскі, праводзіў стрэлачкі, ставіў «галкі» і выносіў заўвагі на шыракаватыя, бы знарок для гэтага пакінутыя палі. Кніга шчацінілася за­кладкамі розных колераў і памераў. Выпісак назбіралася багата. Аўтар выступаў перад намі, чытачамі, у якасці ўніверсальнага апа­вядальніка, якія ёсць у любой мужчынскай кампаніі, своеасаблівага Несцеркі, толькі не таго народна-класічнага жартаўніка, а проста разумнага, назіральнага, пажыўшага на свеце чалавека, часам з’едлівага, часам сціплага, які любіць і ўмее пагаварыць і ў якога за плячамі бяздонны мех гісторый на ўсе тэмы і на ўсе выпадкі жыцця.

Вось, да прыкладу, гісторыя гумары­стычная. Неяк на выступленні ў яго спы­талі, ці лічыць ён сябе вялікім пісьменнікам.

— Лічу, — спакойна адказвае ён. — І ўсё жыццё ад гэтага пакутую. Метр восемдзе­сят сем см і ў сярэднім 105 кг. Ні вопраткі гатовай, ні абутку не знайсці. — Тут яго спынілі смехам і воплескамі.

Альбо такое.

«Адказваючы на адно з пытанняў: які мой твор найлепш мне падабаецца, само сказалася: «Вайна і Мір», — але ж успомніў, што гэта не я напісаў. Разам са слухачамі весела засмяяўся».

«Купіў у магазіне істужку да машынкі, а незнаёмы вясёлы мужчына спытаўся:

— Мемарыялы будзеце пісаць?

Пра мемуары. Ведае, што ў модзе».

«У канцы семдзесят дзявятага ў Бра­ціславе мяне пазнаёмілі з тамашнім карэспандэнтам, здаецца, «Камсамольскай праўды», сказаўшы, што гэта з паходжання беларус. Даволі пажылы таварыш ветліва сказаў у нейкай меры па-зямляцку, што ён яшчэ ў школе зачытваўся «Палескімі рабінзонамі» і іншымі маімі творамі. Прыйшлося з усмешкай падзякаваць».

Вось Янка Брыль тонкі лірык:

«Як далёкі, ледзь чутны хвалююча доўгачаканы погрымак, вяшчун вельмі патрэбнага дажджу, адчуў я стрыманы водгалас мастацкага слова… Каб жа яно прыйшло, вярнулася і да мяне!» (Тут уну­траная рыфма проста напінае тэкст, як ветразь, і рухае яго: хвалююча — чаканы — вяшчун — дажджу — адчуў…)

Вось ён драматычны бытапісальнік:

«Днямі мне расказалі, што той вуса­ценькі незаконны сын нашага партызана і хутаранскай цёткі, які так хораша вы­танцоўваў на свяце вёскі, ужо задушаны ў сваёй мінскай кватэры, хутчэй за ўсё сябрамі, якія ведалі, што ў яго з’явіліся «вялікія грошы» на нейкую пакупку.

Яшчэ праз 2 дні ў знаёмага — пахаван­не. Два юначкі запрасілі яго 14-гадовую, адзіную дачку на матацыкл, на штосьці там наскочылі, зубаскалячы, самі абодва жывыя, а яна — насмерць. Столькі такога і страшнейшага, і без вайны, а боль адчу­ваюць толькі родныя, у каго яны ёсць…»

Тут ён сам сябе асуджае за гаварлівасць:

«Старому чалавеку трэба трымацца прыстойнасці ды лішне не вякаць».

«Адзін зануда — яшчэ нічога, а вось уявім некалькі іх на доўгай лаве, сядзяць, сапуць і паныла, важна маўчаць. Ажно табе няёмка стане быць залішне балбатліва-вя­сёлым у кампаніі».

А то яму, наадварот хочацца выказацца:

— Пазаўчора падумалася, учора запі­саў: трохі пагрэцца графаманіяй, а сёння прымяніў гэта на практыцы, перапісаўшы дзве мініяцюры.

І адразу ж сам сябе стрымлівае:

— Столькі за век нагаварыў, што хочаш нешта, хай сабе і дарэчы, расказаць, а бо­язна: відаць, я ўжо гэта расказваў?

— Запісы, зацемкі, споведзі… Ратуй нас, літаратурны сэнс, ад старэча-недалужнага стрыптызу, а тым больш — ад бяззуба-чор­най зласлівасці.

То ідуць цэлыя абоймы імёнаў і про­звішчаў, а то раптам:

«Учора неяк ясней убачылася пошлая дробязнасць літаратарскай паўсядзённа­сці, чаго ў маіх запісах нямала. Ужо цяпер трэба праполваць ды адсейваць тое, што не цікава, непатрэбна ўяўнаму чытачу, а калі падумаць шырэй — каму будзе зноў жа цікавай, а то і патрэбнай, тая важданіна з мноствам імёнаў, з накідамі вобразаў людзей, у якіх і тады, калі яны існавалі са сваімі непамернымі прэтэнзіямі, не было за душой нічога сапраўднага…»

Хапала ў кнізе і старога, і новага, што было асабіста мне найбольш карысным. Я пачынаў тады пісаць сваю «Сечку», і мяне цікавіла ўсё на гэтую тэму. І вось я вывуджваў у Я. Брыля:

1) — словаспалучэнне «таму назад» — замест ніколі мне не зразумелага, абсеча­нага «таму». (Два гады таму… Каму?)

2) — украў, а не скраў;

3) — у час, а не падчас;

4) — інверсіі; «упікнуў даўняга прыяце­ля, што той, бываючы часта ў Мінску, не зойдзе ў госці, а той пачаў апраўдвацца:

— Забыўсё, Ванечко, твой домер нома.

У іхняй вёсцы пра Беларусь можна па­чуць Бералусь, пра Лаўрына — Раўлын, пра Рап’ёва — Япрова…»

Ёсць такое і ў нашых палескіх вёсках.

5) — маладая дыктарка: «з-за гэтага каштавала туды паехаць». Карэспандэнт радыё Свабода: тады яму апранулі кай­данкі. А потым яшчэ лепш, аж боязна, што не павераць: ён апрануў боты. Усё роўна ж ад аднаго надзяваць».

6) — «Белорусский писатель, пишущий на русском языке. Гэта якраз тое, чаго не толькі для нашай літаратуры, але і для ўсяго народа дамагаецца сучасная ўлада».

7) — горкае, на 100 адсоткаў спраўджа­нае прароцтва:

«Кнігазбораўскі» аднатомнік Наталлі Арсенневай. <…> І трывожная думка, між іншым, чытаючы, што і да нашага «Кні­газбору» яшчэ, чаго добрага, начальнікі дабяруцца — такое, як гэты смела-апаль­ны том, выдаўцам не даруецца, так не пройдзе».

І ўсё-ткі найбольш у кнізе кранаюць не так людзі і іх стасункі, як прырода і браты нашы меншыя. Тут Я. Брыль дасягае бездакорнасці. Столькі цяпла, святла, дабрыні, паэзіі, такое ўсё шчымліва-кранальнае, што пачынаеш разумець, чаму ў аўтара такі шчаслівы пісьменніцкі лёс, чаму яго чытаюць і перачытваюць і так часта называюць любімым пісьменнікам, чаму яго проза ніколі не састарэе, пакуль будзе існаваць наша мова.

Тут пра сабаку:

«Стары Шарык, што прыбіўся да нас з залясной вёскі, што ўжо павольны і глуха­ваты і неахвотна гаўкае — ён вельмі баіцца грымотаў. Ціснецца, просіцца ў хату, да людзей».

Тут і пра кошку (цяпер бы напісалі котку):

«Гарадская бомжастая кошка з сучаснай ментальнасцю мацярынства. Унізе зрабілі ёй логава, а яна сваю чацвёрку кацянят разносіць па адным пад дзверы на другім паверсе, каля каторых ёсць дыванчыкі. Занясуць ёй зноў малых наніз, а яна неў­забаве назад разнясе».

Салаўі.

«Пайшоў у наш надрэчны гаёк з бало­цістым ровам высекчы заказаныя жонкай кіёчкі і спыніўся там адразу, і смяяцца захацелася, узняўшы вочы на яшчэ рэдкую лістоту вершняку, смяяцца радасна ад двубоя, калі сказаць па Караткевічу, двух салаўёў, так блізка і так захоплена, у смелай ці азартнай блізасці да чалавека».

(Толькі б я прыбраў тут слова вершняку: па-першае, рэгіянальна-размоўнае, па-дру­гое, проста лішняе — адцягвае ўвагу, пры­мушае спыніцца і ўяўляць гэты вяршняк.)

Ластаўкі.

— Пагаварыць паселі? — спыніўшыся ў роснай траве, пытаюся ў трох ластавак на белай раме навонкі расчыненага акна.

І яшчэ.

«І гэта ж трэба разумець, як дзве ла­стаўкі, блізка седзячы на драціне, на фоне блакіту, проста сабе шчасліва маўчаць».

Дзятлы.

«У спёку на край поўненькай бочкі сеў-прысеў дзяцел… Калісьці з гэтай лавы я назіраў, як… зладзейкавата кляваў клуб­ніцы… спачатку клюнуў глыткоў з дзясятак вады, а потым вырашыў і купнуцца».

«Дзятлу, праходзячы панурым халод­ным ранкам каля яго сасны:

— Дзяўбі, дзяўбі! Гэта табе не шпакам памагаць на верхнім голлі нашых салодкіх чарэшань!»

«Дзяцел прызямліўся на градзе, патупаў сярод клубнічнай лістоты і малатком сваім ці долатам не дзёўб, а гулліва хапаў — адну за адной — першыя спелыя ягады. Калі я ве­села прыкрыкнуў на яго з-пад ліпы, пярэсты зладзейчук не адразу ўцяміў, што да чаго. Прыйшлося грукнуць кулаком па стальніцы».

Жабкі.

«Каля студні — выварка з вадою. Сух­мень штодня, штоночы такая, што жабы скачуць у тую высакаватую пасудзіну, шу­каючы паратунку. Тры раніцы выплёхваў іх з вываркі, ужо і разгірачаных ад холаду. Потым пашэнціла ўбачыць, як адна сядзела на краечку вываркі, задаволена адпачыва­ючы. Трэба ж дадумацца. З бяды».

Некалі я пісаў пра І. Пташнікава, які пашкадаваў гадзюку. Брыль — жабку. Стары Шамякін плакаў, гледзячы па тэлевізары зіму, і калі спыталі, што здарылася, адка­заў, выціраючы вочы: «А ўявіце, як цяпер чукчам у ярангах!» Вось гэты дар умець шкадаваць усё — і абстрактнае, і канкрэт­нае, вось гэты такі нямодны цяпер гуманізм і складае, па-мойму, аснову літаратуры і з’яўляецца адной з галоўных разгадак яе ірацыянальнай, містычнай сутнасці.

Загора, дзе вырас Брыль. Там захавалася хата ягонага брата. Фота: Наша Ніва

5

Калі б у мяне спыталі, як некалі ў дзяцінстве, пра што гэтая кніга, я шчыра адказаў бы:

— Пра ўсё. Пра ўсё на свеце.

Так яно і было. Разам з тым ні эсэ, ні рэцэнзіі, ні нават проста водгуку не атрымлівалася. Нешта замінала, не дава­ла разгарнуцца. Мудрая думка, трапная дэталь, бліскучы афарызм, таленавітая замалёўка, светлыя і змрочныя абразкі… Некаторыя самі па сабе з’яўляліся завер­шанымі творамі, маленькімі шэдэўрамі, іншыя нагадвалі чарнавікі, накіды, як бы падручны матэрыял да вялікага цэльнага рамана. А ўсяму разам па-ранейшаму не хапала нейкага стрыжня, ніткі, на якую ўсё гэта можна было б нанізаць. Адбылося тое самае, што некалі з часопіснай падборкай. Сабраныя ў кнігу, пад адну вокладку, раз­мешчаныя побач творы выглядалі яшчэ больш хаатычнымі, разрозненымі, чым некалі ў «Полымі». Штучна счэпленыя між сабой, яны нагадвалі стракатую коўдру, або вось калі хутка ехаць праз лес, і пачынае стракатаць у вачах, — адчуванне калей­даскопа, надта імклівая змена, і ўсё адно за адным, без папярэджання, без падрых­тоўкі, без развіцця і заканчэння.

Вельмі дарэчы праскочыла тут аўтар­скае:

«Калі мне было і 50, і 60 гадоў, я рабіў штосьці як на адчэпнае, як прыблізнае».

Вось менавіта прыблізнае. І ўвесь час проста фізічнае адчуванне адсутнасці рэдактара, унутранага ці рэальнага, жы­вога, які б з гэтага неверагодна багатага, але хаатычна рассыпанага матэрыялу склаў бы раман-аўтабіяграфію, а яшчэ лепш раман-псеўдааўтабіяграфію, г. зв. ра­ман-аўтафікшн, якія цяпер у такой модзе. А тое, што такі твор — вялікі, цэласны — хацелася напісаць, сведчаць многія радкі.

— Ці будзе час, каб наймацней пашкада­ваць, што таго чагосьці, што мог і павінен быў зрабіць, — ты не зрабіў? Напрыклад, даштукоўваць цэласць апавядання пра сваё жыццё? (Вылучана мной. — А. Ф.)

Я не ведаў, як быць. А тут яшчэ ў ча­сопісе «Дзеяслоў», нібы з дакорам мне, маўляў, вучыся, як трэба пісаць, выйшла грунтоўная рэцэнзія А. Сідарэвіча пад назвай «Чаканае і нечаканае» на гэтую ж кнігу Я. Брыля. Наш масціты крытык усё, што трэба, заўважыў, усё, што не трэба, падкрэсліў, расклаў па палічках. Растлу­мачыў, што лейтматыў, славуты стрыжань, на якім усё трымаецца, якога я шукаю і не знаходжу — гэта праявы паэзіі жыцця. Або, інакш, усё трымаецца на адным прыгожым слове, якое можна адшукаць у Ластоўскага і ў Караткевіча, менавіта на багавейлівасці.

«Багавейлівасць перад усімі праявамі жыцця — мусіць, так можна было б акрэ­сліць асноўную танальнасць кнігі».

І я астыў. Як, мабыць, любы б на маім месцы, калі б збіраўся нешта напісаць, а потым убачыў, што гэта ўжо напісана ін­шым, і лепш за цябе.

З братамі і пляменнікамі. Ад левага боку: Міхась, Мікалай, Янка, сын Віліты Шура Брылевіч і сын Ігната Шура Лейка. Фота архіўнае

6

Так выйшла, што наступны раз да кнігі «З людзьмі і сам-насам» я дабраўся праз доўгіх восем гадоў. Ужо даўно Майстар пакінуў нас, але мая віна перад ім не знікла. Наадварот, цяпер я ўжо быў абавязаны перад яго па­мяццю скончыць задуманае, так ці інакш давесці яго да ладу. Не атрымліваецца эсэ, рэцэнзія, водгук, дык напішы хаця б Слова (а шкада, што знік такі жанр, як Слова).

На гэты раз стрыжнем, рухавіком маёй працы павінна была стаць тэза, пазычаная ў А. Сідарэвіча. Кніга Я. Брыля — не творчы хаос, не стракатасць, не калейдаскоп, не мільгаценне ў вачах, а — паэзія, апяванне і ўсхваленне самых розных праяў жыцця. Або так: сістэма яго пісьма, стылю, падачы матэрыялу — у адсутнасці сістэмы. Ён сам разумее гэта і як бы ганарыцца гэтым, прыводзячы ў доказ Талстога.

Фота: knihi.com

«Кніга напісана па талстоўскім прынцы­пе: што ярчэй успамінаецца, не задумваю­чыся пра літаратурныя каноны, свабодна ў адступленнях і падрабязнасцях…»

Я зноў узяўся за храналагічнае чытан­не. Стараючыся прапускаць тое, на чым раней спыняліся вочы і што я павыпісваў. І адразу ж на мяне абрынуўся зусім іншы тэкст. Не паэзія, а самая што ні на ёсць проза. Калі ўмоўна першую частку можна было назваць аптымістычнай, дык другая адназначна, спрэс была песімістычная.

«…Сёння ўжо ў мяне пісьменніцкага звання не адбярэш, што зроблена мною — зроблена, а толькі вось зноў я жыва адчуў той балючы страх, які наведваў мяне ў самым пачатку юнацтва, страх, што без літаратуры, без майго з ёй удзелу я — нішто… Чаму ж мне і сёння стала так горка і страшна, як быццам у мяне зноў анічога няма, нават надзеі, як у пачатку?»

«Дзеля патрэбнага часам супакаення ад залішняга самаедства ўспомнім ча­лавечую складанасць і вялікіх, у каго мы вучымся».

«…Святло твайго ліхтарыка ў патайной сцішнаце вышуквае і знаходзіць даўно знаёмыя, вядомыя табе твае грахі, спы­няецца на тым ці іншым з іх, каб ты зноў пакусаў, пажаваў сам сябе, хоць і не ўпер­шыню, але са свежым болем бездапамож­насці ў адчаі прызнання віны…»

«Калі б які злосны разумнік сказаў мне, што я мала і слаба пішу, можна было б адка­заць: — Я ведаю гэта і сам… з той розніцай, што мне гэта балюча».

Нейкая аж празмерна жорсткая спавя­дальнасць, зусім не ўласцівая такому жыц­цярадаснаму, з мудрай хітрынкай у вачах аўтару. Кусаць сябе, жаваць сябе, свежы боль, балюча… Прызнаваць віну… Самаедства… Але адкуль яно ўзялося, гэтае самаедства?

Пры амаль святым жыцці, пры такой духоўнай, ды і фізічнай, цноце (нпр., Янка Брыль, паводле яго прызнання, «ніколі ў жыцці не піў адзін»)? Пры такой неверагоднай літаратурнай кар’еры — ад Сталінскай прэміі да Ленінскай і да Народнага, а каб пажыў кры­ху даўжэй, не сумняваюся, што і Нобелеўскай. Здавалася б, жыві, пішы і радуйся.

Але не. Аўтар працягвае вярэдзіць сабе і нам, чытачам, душу.

«Пасмяротны Поўны збор твораў. На тое, каб пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага і шкоднага я напісаў?»

«Мала і не на ўсю сілу мной зроблена, і лепш ды больш ужо не зробіцца».

З нататніка Р. Раждзественскага:

«Буддийский ад. Самая страшная казнь, самое жуткое наказание: человеку много раз подряд прокручивают его собственную жизнь, бесконечно повторяя страницы упу­щенных возможностей». «У нейкай меры гэта знаёма і мне», — прызнаецца Іван Антонавіч.

Ох, ужо гэтыя вялікія! Даўно і не мной заўважана, што ў іх вялікае ўсё: і талент, і грахі, і пакуты сумлення… А пачні разбірац­ца — высветліцца, што 50 гадоў назад месца ў транспарце не саступіў. Дзяўчынку, суседку па парце, у школе пакрыўдзіў — за каснічок тузануў. І вось пакуты сусветнага маштаба. Бяссоныя ночы. Самаедства. У нашым вы­падку яшчэ і пад рэфрэн — напісана мала, напісана кепска, не так, як хацеў і мог бы.

«Літаратарам-прафесіяналам я стаў дзя­куючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасць, то па наіўнай шчырасці, то з патрыятычнага абавязку вучачыся стаць, быць савецкім пісьменнікам, бо іншым быць і не мог».

«Бывае ў маіх паводзінах трохі, а то і больш за трохі, ранейшай прысавецкай боязі ды асцярожнасці, у тым ліку і ў запі­сах. Лаўлю сябе на гэтым, дакараю…»

«Востра адчулася, што маё ў той ці ін­шай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё «Птушкі і гнёзды», трэба было напісаць з усёй безагляднай шчырасцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асцярожнасцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм…»

Дык вось у чым, аказваецца, справа! Вось што перашкаджала пісаць напоўніцу; вось з чым звязаны творчыя пакуты — з немагчы­масцю пазбавіцца савецкасці, выблытацца з пут сацрэалізму. Усё жыццё верыў, хацеў стаць савецкім пісьменнікам, не ўяўляў сабе іншага, стаў ім — а тут наце, перабудова, галоснасць, трэба перакваліфікоўвацца…

Памятаю, здаецца, 1988 год. Паўнют­кая зала Дома літаратараў. Людзі стаяць у праходах і фае. На сцэне адзін Я. Брыль за столікам, заваленым запіскамі. Ён іх разгортвае, уголас зачытвае і з задаваль­неннем, хоць і коратка, адказвае. Адна з іх — «Што такое сацрэалізм?»

— Аднойчы гэтае ж пытанне задалі Гор­каму. На што ён адказаў: «А чорт яго ведае! (Зала грымнула смехам і апладысментамі.) Здаецца, гэта каб добра было напісана і за савецкую ўладу».

Далей, памятаю, Іван Антонавіч да­даў, што, маўляў, ёсць добрая літаратура і кепская, а ніякіх -ізмаў няма, — прыкладна так. Казаў ён гэта дабрадушна, з усмешкай, і было відаць, што сапраўды вельмі мала яму справы да нейкага сацрэалізму. У зале пана­вала атмасфера любові, пашаны да славутага пісьменніка; вельмі многа было моладзі.

Атрымліваецца, ужо ў 1988 годзе сацрэалізм быў для аўтара цалкам бяскрыўдны і мала значыў. Думаю, у 2003-м, калі выдава­лася кніга «З людзьмі і сам-насам» — яшчэ менш. Набяруся смеласці і скажу: сацрэалізм мала што значыў нават у далёкія гады напі­сання «Птушак і гнёздаў». Менавіта тады, у час нібыта татальнага панавання сацрэалізму, ствараліся шэдэўры І. Мележа, М. Стральцова, В. Быкава, нарэшце, усе без выключэння тво­ры нашага літаратурнага куміра У. Караткеві­ча… І наадварот, калі прыйшла такая чаканая свабода ад цэнзуры, ці многа нарадзілася літ. геніяў, якія, па ідэі, павінны былі б узыходзіць, як грыбы пасля дажджу?

Янка Брыль (справа) і беларускі пісьменнік з эміграцыі Масей Сяднёў у Доме літаратара. 1990‑я гады. Фота Анатоля Клешчука

Мне здаецца, усе гэтыя размовы пра са­црэалізм, савецкасць — так, пусканне чы­тачам пылу ў вочы. Не вельмі пераканаўчае самаапраўданне. Я чамусьці ўпэўнены, што «самаедства» Я. Брыля мае не столькі палітычныя, сацыяльныя прычыны, колькі творчыя. І калі ўжо на тое пайшло, яго сла­бае месца не ў сацрэалізме, а ў яго любімай кароткай форме, той самай славутай малой «дзённікавай» прозе, якая сваёй пад­маннай лёгкасцю збіла з толку не аднаго пісьменніка. Дарэчы, «Птушкі і гнёзды» па вялікім рахунку таксама нагадваюць шэраг счэпленых паміж сабой кароткіх эпізодаў; раманна-эпічнага дыхання, напрыклад, «Людзей на балоце», там не адчуваецца.

Дык вось, з аднаго боку — уяўная лёг­касць: глядзі ў вакно і пішы, што бачыш, з другога — надта жорсткія рамкі кароткай прозы, спавядальны стыль, патрабаванне «праўды і толькі праўды» — усё гэта абядняе пісьменніка, абмяжоўвае не горш за любыя ізмы. Ужо не кажучы пра няўдзячнасць ма­лой формы — надта многа душы і часу яна забірае і надта мала дае на выхадзе. Пішаш, пішаш, азірнешся — амаль нічога няма.

Удзельнікі самадзейнай тэатральнай трупы ў Загоры. Каля 1937 года. Янка стаіць справа. Якое ж гэта было інтэлігентнае пакаленне! Фота з сямейнага архіва

7

І яшчэ адзін цікавы момант. Ён добра паказвае, як гэтак званая праўда ў мастац­кай літаратуры можа прынесці твору больш шкоды, чым карысці. Парадаксальным чы­нам самымі праўдзівымі чамусьці атрым­ліваюцца выдуманыя рэчы, і наадварот, спі­саныя з жыцця часта выглядаюць бляклымі прыдумкамі. Мабыць, менавіта таму многія пісьменнікі ў сталым веку пачынаюць як бы саромецца сваіх ранейшых «жыццёвых» сюжэтаў і апраўдвацца за іх. Напрыклад, Іван Аляксеевіч (Бунін) у старасці горача пераконваў, што ўсе свае творы выдумляе, а не бярэ з жыцця. Нешта падобнае адбы­ваецца і з Іванам Антонавічам (Брылём).

«Калі я выходзіў у дачнікі, вельмі ня­проста, як аказалася, было знайсці пячніка. Насваталі аднаго ў не вельмі далёкай вёсцы. Калі яму сказалі, каму гэта ён спатрэбіўся, пячнік-аматар ледзь не ўсклікнуў:

— А, Брыль! Наш галоўны ілгун!

Грубку і пліту рабіць ён адмовіўся…»

Гэта не канец абразка. Цікава, як Іван Антонавіч адрэагаваў на такое, здавалася б, не зусім ганаровае званне. «Неяк на юбілейна-сямейным застоллі, ужо праз цэлых 19 гадоў, нам весела ўспомніўся той пячнік, з ягоным «галоўны ілгун»».

Нечакана дакладная дата, роўна 19, хаця прасцей было б акругліць да 20, паказвае, што Іван Антонавіч неадночы ўспамінаў языкастага пячніка, і ўспамінаў з прыем­насцю, не без гонару.

Другі падобны запіс:

«Васіль Зуёнак, якому я падпісаў свой кнігазбораўскі том, пры наступнай су­стрэчы нават ухвальна здзівіўся:

— А колькі ж вы ўсяго запомнілі!

Не хапіла духу адказаць: а колькі ж я да­даў героям ды сітуацыям выдумкі, свайго. Бо ёсць жа гэта, дый нямала, і ў гэтым ужо мая патаемная радасць: патрапляць у тон, прыдумляць адпаведнае». (Вылучана мной. — А. Ф.)

Калі б я прачытаў такое ў якогась іншага пісьменніка, дык увагі не звярнуў бы, пры­няў бы за літаратурнае какецтва. Але Брыль прывучыў нас верыць яму безаглядна. І таму яго прызнанне нават крыху бянтэжыць. Пры­мушае задумацца. Сёе-тое пачынае здавацца не такім адназначным. Самі сабой з’яўля­юцца пытанні. Напрыклад, гэты яго дзіўны наказ-запавет: рукапісы апошніх гадоў ад­крыць толькі праз пяць гадоў пасля смерці. Чаму праз пяць? Што можа змяніцца за пяць гадоў? Альбо бярэ спакуса інакш зірнуць на блытаніну ў яго біяграфіях. Паводле адной, у 1941 годзе Янка Брыль уцёк з нямецкага палону, вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да са­вецкага партызанскага руху. Паводле другой, са слоў беларускага дзеяча А. Адамовіча, Янка Брыль не ўцякаў з палону, а быў адпушчаны за лаяльнасць, некаторы час жыў у акупава­ным Мінску, працаваў у гістарычным музеі, друкаваўся ў «Беларускай газеце».

Янка Брыль у нямецкім палоне. Архіўнае фота

Любому іншаму савецкаму пісьменніку не тое што падобных фактаў, а толькі чутак пра такія факты хапіла б, каб як мінімум зламаць жыццё, а то і паплаціцца ім. Янка ж Брыль, на наша беларускае шчасце, быў народжаны ў сарочцы і выйшаў сухім з вады. Сам ён ніколі нідзе ні пісьмова, ні вусна не аспрэчваў і не пацвярджаў гэ­тага. І яно зразумела. Урэшце, ніводнаму пісьменніку яшчэ не зашкодзіла пэўная ўласная загадкавасць, містыка, тайна — не рэальная, дык хоць выдуманая, — куды староннім уваход забаронены. Цалкам магчыма, што і запавет друкаваць рукапі­сы праз пяць гадоў пасля смерці таксама маленькая хітрасць, нявінны пісьменніцкі прыём, каб падагрэць чытацкую цікавасць да будучых публікацый.

8

І ў той раз не адужаў я сваёй працы. Нічога ўцямнага напісаць не змог. Зноў давялося надоўга адкласці кнігу.

Ішлі гады. Кніга ляжала на паліцы. Час ад часу я браў яе, гартаў, перачытваў некаторыя найбольш любімыя старонкі, потым клаў на месца. Я ўжо даўно змірыўся з тым, што не дасца яна мне, адмовіўся ад жадання нешта пра яе пісаць. Яна зрабілася для мяне проста прыемным успамінам, ледзь не сімвалам, як засушаная кветка з гербарыя.

Так прайшло ні многа ні мала 23 гады. Калі я набыў кнігу і пачаў з ёю важдацца, мне было крыху за 40, а цяпер — за 60. Неяк у чарговы раз я пераглядваў, ледзь раз­біраючы, свае старыя, алоўкам зробленыя выцвілыя заўвагі і падкрэсліванні. І раптам па рэдактарска-карэктарскай звычцы па­чаў заўважаць, што падкрэсленыя сказы, у якіх ёсць слова малако, акрамя таго, што часта паўтараюцца, дык яшчэ і з пэўнай перыядычнасцю — прыкладна раз на дзе­сяць старонак.

«Прынёсшы з пасёлка малако…», «Вось я прынёс з пасёлка ранішняе малако…», «Днямі, калі я выйшаў па малако…», «На ла­вачцы каля хатняй сцяны, як заўсёды ўранку, бялеюць слоікі з сырадоем…», «Апроч паходаў па малако, двойчы ўжо хадзіў надвячоркам і на праходку…», «Па малако ў пасёлак я штодня прыходжу ў сем з мінутамі…», «Уранні я ішоў з пасёлка з малаком…», «Прачытаўшы раненька (апавяданне Б. Акуджавы, — А. Ф.) перад выхадам у пасёлак па малако, адчуў малітвенна-чысты настрой», «Адзін з дач­ных суседзяў, едучы з вёскі, падвозіць мяне з малаком ад пасёлка…», «Дзень ад’езду. Па малако я пайшоў раней звычайнага…», «З дачным суседам, за паўтара км штодзённай няспешнай хады з пасёлка з малаком…», «І што ж, вяртаючыся з малаком, зноў засто­парыліся…», «Сабака… ніяк не паддаецца на ўпрошванне падысці да лаўкі, дзе я прысеў з малаком, пад маю далонь…»

І так рэфрэнам — не менш 30 згадак на 300 старонак. На працягу амаль 10 гадоў, якія ахоплівае кніга. Кожнае лета, кожную раніцу ў любое надвор’е чалавек ходзіць з лецішча ў пасёлак па малако туды і назад. Ясна, што гэта не проста паход, гэта цэлая вандроўка. Нечаканыя сустрэчы, успамі­ны, уражанні, думкі… З кожнага пахода абразок, замалёўка, мініяцюра…

Загора, з якога родам Брылі, — старое сяло на бітым шляху, што аддаўна злучае Слуцк, Нясвіж, Мір і Наваградак. Фота: Наша Ніва

У адным месцы так прама і сказана — гэта калі Іван Антонавіч расказваў жонцы, як халаднава­тай, толькі шэсць градусаў, раніцай «чорны пацешны каток кемліва прымасціўся да цёплага слоіка з малаком», на што жонка ўсміхнулася, як быццам трошкі кпліва:

«Во, будзе і мініяцюра!..»

І калі я ўсё гэта сабе ўявіў, раптам у га­лаве нібы нешта перакулілася. Дык гэта ж і ёсць… стрыжань, на якім усё трымаецца! Гэтыя паходы па малако, вандроўкі ў пасё­лак і назад і ёсць сюжэт! Той самы, якога я так шукаў і хацеў. Дык што ж, атрымліваец­ца… раман? Разбіты па гадах — раздзелах, і счэплены сюжэтам — паходамі па малако?

Гэта было так відавочна, што я аднаго не мог узяць у толк: чаму не заўважаў гэтага раней? Бо, як кажа беларуская прымаўка, яшчэ не дарос? Падрасцеш — усё зразуме­еш, вучылі дарослыя ў дзяцінстве. А кніга, атрымліваецца, цярпліва чакала майго сталення і разумення.

Літаратуразнаўцы раяць перачытваць класіку кожныя дзесяць гадоў: тэкст адзін, а чытач змяняецца. Я прыблізна так і рабіў. Першы раз мне кінулася ў вочы аптымі­стычная, жыццярадасная, лірычна-паэ­тычная частка; другі — песімістычная, драматычная, сабраная з роздумаў, пакут, трывог; на трэці — адчуў цэльнасць, і стры­жань, і сюжэт, і раманны каркас…

Магілы Янкі і Ніны Брылёў на могілках у Калодзішчах. Фота: Наша Ніва

Але няўжо і гэта яшчэ не ўсё? Няўжо пры кожным новым перачытванні будзе адшуквацца чарговае адкрыццё? Што мяне чакае праз наступныя 8—10 гадоў?..

Пажывем — пабачым.

Перадрук з альманаха «Літаратурная Беларусь», ліпень 2026 года

Каментары1

  • Улад
    30.07.2026
    Шыкоўны артыкул! Дзякуй.
    Трэба яшчэ і Андрэя Федарэнку прачытаць.
    Дарэчы, Янка Брыль для мяне з дзяцінства стаіць адасоблена сярод іншых пісьменнікаў Беларусі.

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?14

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі5

У Бабруйску п'яны пенсіянер падабраў ключы і скраў рэчы з камеры захоўвання ў гандлёвым цэнтры2

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?14

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць