Навука і тэхналогіі88

Чаму грэнландская акула жыве да 400 гадоў?

На заходнім узбярэжжы Ірландыі ўпершыню знайшлі грэнландскую акулу, якую мора вынесла на бераг. Гэтая рэдкая знаходка дала навукоўцам магчымасць даследаваць адну з самых загадкавых жывёл акіяна, якая можа жыць каля чатырох стагоддзяў, а яе сэрца і зрок захоўваюць працаздольнасць нават у вельмі сталым узросце. З падрабязнасцямі знаёміць BBC.

Грэнландская акула. Фота: John Doe / Ocean Image Bank

У красавіку 2026 года даследчыкі і валанцёры сабраліся на ўзбярэжжы графства Слайга ў Ірландыі пасля паведамлення пра незвычайную знаходку. На беразе ляжаў самец шэра-бэжавай грэнландскай акулы даўжынёй каля трох метраў. Упершыню ў Ірландыі зафіксавалі выпадак, калі прадстаўніка гэтага віду мора вынесла на сушу.

Паводле памераў жывёлы навукоўцы ацанілі яе ўзрост больш як у 150 гадоў. Для чалавека гэта неверагодны ўзрост, але для палярнай акулы — толькі пачатак дарослага жыцця. Гэты від лічыцца самым доўгажывучым сярод усіх пазваночных жывёл: яго прадстаўнікі могуць жыць каля 400 гадоў. Палавой спеласці палярныя акулы дасягаюць толькі прыкладна ў паўтара стагоддзя, таму знойдзеная асобіна, імаверна, толькі нядаўна стала здольнай да размнажэння.

Грэнландскія акулы — гэта марудныя, адзінокія драпежнікі і падальшчыкі. Яны харчуюцца трупамі марскіх жывёл, але таксама здольныя паляваць на жывую здабычу, напрыклад, на цюленяў. Было заўважана, як яны літаральна «ўсмоктваюць» сваю ахвяру: магутны ўсмоктваючы рэфлекс дазваляе ім зацягваць здабычу ў пашчу і праглынаць яе цалкам.

Гэтыя акулы насяляюць воды Паўночнай Атлантыкі і Арктыкі вакол Грэнландыі, Канады і Ірландыі. У працэсе эвалюцыі яны набылі асаблівасці для выжывання ў холадзе: высокая канцэнтрацыя пэўных хімічных рэчываў у іх целе працуе як антыфрыз, што, праўда, робіць іх мяса атрутным для іншых істот.

Але многае ў жыцці гэтай жывёлы застаецца таямніцай. Так навукоўцы да гэтага часу не ведаюць, дзе гэтыя акулы размнажаюцца, колькі дзіцянят нараджае самка і як часта гэта адбываецца. За ўсю гісторыю назіранняў даследчыкі сустрэлі толькі адну цяжарную самку.

Праз такія прабелы немагчыма дакладна ацаніць колькасць папуляцыі і вызначыць, якія месцы найбольш важныя для захавання віду. Гэта таксама ўскладняе ацэнку пагроз, у тым ліку выпадковага трапляння акул у рыбалоўныя сеткі.

Пасля знаходкі тушу вагою ў 200 кілаграмаў перавезлі ў ветэрынарную лабараторыю, дзе правялі даследаванне. Для навукоўцаў гэта была рэдкая магчымасць вывучыць жывёлу, якая большую частку жыцця праводзіць у халодных глыбінях акіяна.

Спецыялісты паслядоўна агледзелі ўсе органы, вымералі іх, узважылі і ўзялі ўзоры тканак для далейшага аналізу. Асаблівую ўвагу яны надалі сэрцу, печані, вачам, мышцам і стрававальнай сістэме. Частка гэтых узораў яшчэ будзе вывучацца ў розных лабараторыях.

Даследчыкі не выявілі на целе прыкмет траўмаў або пашкоджанняў ад рыбалоўных снасцей. Большасць органаў таксама выглядала без відавочных паталогій, таму сапраўдную прычыну смерці павінны дапамагчы высветліць лабараторныя даследаванні.

Вочы, якія не старэюць

Адным з галоўных аб'ектаў даследавання сталі вочы акулы. Раней лічылася, што праз паразітаў, якія прымацоўваюцца да рагавіцы, гэтыя рыбы амаль сляпыя. Аднак нядаўнія даследаванні паказалі, што гэта не так.

Нават у асобін, якія пражылі больш за стагоддзе, клеткі сятчаткі захоўваюцца ў добрым стане і застаюцца прыстасаванымі да жыцця ў амаль поўнай цемры. Гэта сведчыць, што зрок грэнландскай акулы амаль не падвяргаецца ўзроставым зменам, характэрным для чалавека і большасці іншых пазваночных.

Магчыма, адна з прычын такой устойлівасці хаваецца ў здольнасці арганізма аднаўляць пашкоджаную ДНК. Верагодна, менавіта гэта дапамагае арганізму так доўга супрацьстаяць старэнню.

Крышталік вока цяпер выкарыстаюць для радыевугляроднага аналізу, які дапаможа больш дакладна вызначыць узрост жывёлы. Акрамя таго, навукоўцы даследуюць тэламеры (ахоўныя ўчасткі на канцах храмасом, якія звычайна карацеюць з узростам) у тканцы мышцаў.

Сэрца, разлічанае на стагоддзі

Падчас даследавання навукоўцы дасталі сэрца вагой каля 34 кілаграмаў. Вонкава яно выглядала здаровым.

Даследаванні ўжо паказвалі, што сэрцы грэнландскіх акул маюць прыкметы старэння, у тым ліку рубцаванне тканак. Аднак, нягледзячы на гэта, яны працягваюць нармальна выконваць свае функцыі. Гэта сведчыць, што палярная акула здольная захоўваць нармальную працу сэрца нават пры наяўнасці ўзроставых змен — асаблівасць, якая амаль не сустракаецца ў іншых пазваночных.

Не менш цікавымі аказаліся і назіранні за стрававальнай сістэмай. Падчас даследавання страўнік і кішэчнік акулы вынялі цалкам. Страўнік аказаўся пустым, але спіральны клапан — аддзел кішэчніка — быў поўны, што сведчыць: незадоўга да смерці акула ператравіла ежу.

Даследчыкі адзначаюць, што пусты страўнік наўрад ці быў праблемай для гэтай рыбы. Грэнландскія акулы маюць вельмі павольны абмен рэчываў і нізкія энергетычныя патрэбы, што, імаверна, з'яўляецца прыстасаваннем да жыцця ў халодных арктычных водах, дзе здабыча даступная не заўсёды.

Нацыянальны музей Ірландыі плануе ў будучыні выставіць акулу ў сваёй экспазіцыі, каб расказаць наведвальнікам пра адзін з самых загадкавых відаў акул і працу навукоўцаў, якія яго даследуюць. А тым часам сабраныя ўзоры яшчэ будуць вывучаць у лабараторыях. Даследчыкі спадзяюцца, што сабраныя ўзоры дапамогуць высветліць прычыну смерці акулы, якая на першы погляд выглядала здаровай, а таксама лепш зразумець біялогію самага доўгажывучага пазваночнага на планеце.

Каментары8

  • Ліпень
    24.07.2026
    эврика!, ды вы проста знаходка для беларускага жывелагадоўчага комплекса і ЖКГ!
  • Синдбад
    24.07.2026
    Цікава. У тым раёне акулы не трапляюцца на гачок, яе не прывабіш ніякай прынадай, а яны там ёсьць і вунь якія цікавыя ! Там можна лёгка сустрэцца з касаткамі(від драпежных кітовых), часам яны цэлымі сем'ямі барозьдзяць паверхню, акул жа ня бачыў ніколі. Вось у цэнтральнай Атлянтыцы іх процьма, вудзіш(так бы мовіць) тунца, а чапляюцца яны. Добры гіфт абарыгенам узьбярэжжа Зах.Афрыкі.
  • эврика!
    24.07.2026
    Ліпень, верно замечено! LOL

Цяпер чытаюць

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

Усе навіны →
Усе навіны

Ці выкарыстоўваюць жывёлы імёны для зносін паміж сабой?

Расіяне зноў атакавалі Кіеў — загарэўся шматпавярховік3

У Данецку падарвалі аўтамабіль намесніка начальніка Аленаўскай калоніі, дзе катавалі ўкраінскіх палонных1

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі5

У Бабруйску п'яны пенсіянер падабраў ключы і скраў рэчы з камеры захоўвання ў гандлёвым цэнтры2

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць